Тэма 16. НАРМАТЫЎНАСЦЬ МАЎЛЕНЧАЙ КАМУНІКАЦЫІ

 

Беларуская нацыянальная мова ўяўляе сабой сукупнасць разнастайных з’яў, такіх як літаратурная мова, тэрытарыяльныя і сацыяльныя дыялекты (жаргон), прастамоўі. Літаратурная мова – вышэйшая форма нацыянальнай мовы, якая склалася гістарычна, валодае багатым лексічным фондам, упарадкаванай граматычнай структурай і развітай сістэмай стыляў. Гэта мова ўзорная, унармаваная, апісаная граматыкамі і слоўнікамі. Тэрытарыяльныя дыялекты (мясцовыя гаворкі) – мова абмежаванай колькасці людзей, якія жывуць на адной тэрыторыі. Жаргон – гаворка асобных прафесійных, саслоўных, узроставых груп. Прастамоўе – гэта мова малаадукаваных, у асноўным гарадскіх жыхароў, які характарызуецца адхіленнем ад літаратурных нормаў.

Літаратурная мова абслугоўвае такія сферы чалавечай дзейнасці, як палітыка, культура, навука, справаводства, заканадаўства, афіцыйнае і неафіцыйнае зносіны, слоўнае мастацтва. Чалавек можа ў роўнай ступені валодаць двума або больш формамі мовы (напрыклад, літаратурнай мовай і дыялектам, літаратурнай мовай і прастамоўем), карыстацца імі ў залежнасці ад умоў. Гэта з’ява атрымала назву дыглосіі.

Галоўная прымета літаратурнай мовы – нармаванасць. Норма – гэта аднастайнае, агульнапрынятае ўжыванне элементаў мовы, правілы іх выкарыстання ў пэўны перыяд. Нормы не ствараюцца навукоўцамі, а адлюстроўваюць заканамерныя працэсы і з’явы, якія адбываюцца ў мове, падтрымліваюцца маўленчай практыкай. Да асноўных крыніц нормы адносяцца творы пісьменнікаў, мова сродкаў масавай інфармацыі, агульнапрынятае сучаснае ўжыванне, навуковыя даследаванні лінгвістаў.

“Нормы – прынятыя ў грамадска-моўнай практыцы адзіныя і абавязковыя для ўсіх носьбітаў мовы правілы вымаўлення, напісання, словаўжывання, выкарыстання традыцыйна сфарміраваных граматычных, стылістычных і іншых моўных сродкаў. Норма – адна з істотных уласцівасцей літаратурнай мовы, што забяспечвае яе паўнавартаснае функцыянаванне. Норма абавязкова захоўвае маўленчыя традыцыі і цалкам задавальняе штодзённыя патрэбы грамадства.

Паняцце нормы літаратурнай мовы распаўсюджваецца на ўсе яе ўзроўні.

У адпаведнасці з гэтым вылучаюць:

– арфаэпічныя нормы – дакладнае вымаўленне гукаў і іх спалучэнняў у  вусным маўленні;

– акцэнталагічныя нормы – правільная пастаноўка націску;

– арфаграфічныя нормы – аднастайная перадача вуснага маўлення на пісьме:

– марфалагічныя нормы – правілы словазмянення;

– сінтаксічныя нормы – правілы пабудовы граматычных канструкцый;

– лексічныя нормы – правільнае ўжыванне слова.

Сведчаннем грамадскага прызнання той ці іншай нормы літаратурнай мовы з’яўляецца рэгулярнасць і масавасць ужывання канкрэтнай з’явы ў працэсе камунікацыі. Найбольш паказальнай формай такога прызнання выступае кадыфікацыя – апісанне і замацаванне нормаў літаратурнай мовы ў слоўніках, граматыках, агульных і галіновых энцыклапедыях, вучэбных дапаможніках і інш.

Нарматыўнасць літаратурнай мовы з’яўляецца рэгулятарам яе сінхранічнага функцыянавання і дыяхранічнага развіцця. Яна абумоўлена знешнімі (сацыяльнымі) і ўнутранымі (сістэмна-структурнымі) фактарамі” [36, с. 15–16].

Нормы дапамагаюць літаратурнай мове захоўваць сваю цэласнасць і агульназразумеласць, абараняюць яе ад  плыні дыялектнага маўлення, сацыяльных жаргонаў, прастамоўя. Аднак моўныя нормы пастаянна змяняюцца. Гэта аб’ектыўны працэс, які не залежыць ад волі і жадання асобных носьбітаў мовы. На думку даследчыкаў, гэты працэс актывізаваўся ў апошнія дзесяцігоддзі ў сувязі з сацыяльнымі пераўтварэннямі. У пераломную эпоху істотна змяняецца лагасфера, г. зн. маўленча-мысліцельная сфера культуры, што, у сваю чаргу, сведчыць аб пераменах у грамадскай свядомасці моўнага калектыву. Аднак разняволенасць як рыса сучаснага моўнага густу ажыццяўляецца паралельна з імкненнем да ўдасканалення маўлення, што выяўляецца перш за ўсё ў шырокім выкарыстанні запазычанай спецыяльнай лексікі (лізінг, холдынг, рыэлтар і г. д.).

У межах літаратурнай нормы існуюць варыянты (кніжныя, гутарковыя), адзін з іх з’яўляецца пераважным. Гэтыя аб’ектыўныя ваганні нормы звычайна звязаны з развіццём мовы. Варыянты з’яўляюцца пераходнымі прыступкамі ад устарэлай нормы да новай.

У працэсе развіцця літаратурнай мовы адбываюцца зрухі ў бок дыялектаў, іншых функцыянальных разнавіднасцяў мовы. Як правіла, нормы пісьмовай мовы складваюцца раней, чым вуснай. У цяперашні час існуе тэндэнцыя да збліжэння пісьмовай і вуснай мовы.

Моўная з’ява лічыцца нарматыўнай, калі яна характарызуецца наступнымі прыметамі: 1) адпаведнасць структуры мовы; 2) масавая і рэгулярная ўзнаўляльнасць ў працэсе камунікацыі; 3) грамадскае адабрэнне і прызнанне. Пры фарміраванні маўленчай нормы дзейнічаюць як стыхійныя, так і свядомыя працэсы. Стыхійнасць звязана з масавым і рэгулярным ужываннем той ці іншай моўнай нормы ў маўленні носьбітаў мовы. Усвядомленымі з’яўляюцца працэсы “ўзаконьвання”, або кадыфікацыі, моўных нормаў, якія склаліся стыхійна ў граматыцы і ў слоўніках. Кадыфікацыя, г. зн. фіксацыя з’яў, якія склаліся ў працэсе грамадскай практыкі, ажыццяўляецца навукоўцамі-філолагамі.

Нормы існуюць на ўсіх узроўнях мовы і ва ўсіх функцыянальных стылях. Найбольш вядомыя сукупнасці нормаў – арфаграфія і пунктуацыя. Арфаграфія – сукупнасць правілаў напісання слоў, г. зн. нормы правапісу. Пунктуацыя – сукупнасць правіл (нормаў) расстаноўкі знакаў прыпынку. Для вуснай прамовы вялікае значэнне мае арфаэпія – сукупнасць нормаў літаратурнага вымаўлення. Гэтыя нормы неабходныя для дасягнення аднастайнасці ў вымаўленні, што палягчае зносіны паміж людзьмі, дапамагае ім хутчэй зразумець адзін аднаго.

Пэўныя нормы існуюць і ў кожным функцыянальным стылі маўлення. Тут стылістычная норма не з’яўляецца абсалютнай, а носіць адносны, верагоднасны характар. Спецыфіка функцыянальнага стылю ў тым, што ён дазваляе найлепшым чынам ажыццявіць працэс камунікацыі ў тыпавых умовах і пры тыпавых мэтах зносін. Напрыклад, у бытавым маўленні недарэчным будзе выкарыстанне слова ідэнтычны замест аднолькавы і да т. п.

Прыведзеныя прыклады ілюструюць неабходнасць захавання ў маўленні прынцыпу камунікатыўнай мэтазгоднасці, у адпаведнасці з якім стыль маўлення павінен адпавядаць умовам і мэтам зносін. Веданне маўленчых нормаў і захаванне прынцыпу камунікатыўнай мэтазгоднасці з’яўляецца асновай культуры маўлення чалавека.

Навука, якая займаецца праблемамі нармалізацыі маўлення, якая распрацоўвае рэкамендацыі па ўмелым карыстанні мовай, таксама называецца культура маўлення. Яна ўтрымлівае ў сабе тры кампаненты: нарматыўны, камунікатыўны, этычны.

Якасная ацэнка выказванні з пункту гледжання культуры маўлення прадугледжвае адказы на пытанні:

  1. Ці з’яўляецца маўленне правільным, пабудаваным па літаратурных нормах?
  2. Ці з’яўляецца маўленне дарэчным ў пэўнай сітуацыі?

Культура маўлення – частка больш шырокага паняцця – маўленчай культуры, якая, у сваю чаргу, уваходзіць у культуру маўленчай дзейнасці, зносін, у агульную гуманітарную культуру. Культура маўлення – гэта валоданне нормамі вуснай і пісьмовай літаратурнай мовы (правіламі вымаўлення, націску, словаўжывання, граматыкі, стылістыкі), а таксама ўменне выкарыстоўваць выразныя сродкі мовы ў розных умовах зносін у адпаведнасці з мэтамі і зместам маўлення. Вылучаюць наступныя крытэрыі культуры маўлення:

  1. Правільнасць. Правільнасць – гэта захаванне моўных нормаў. Правільным з’яўляецца маўленне, якое ўзгадняецца з нормамі мовы – вымаўленчымі, граматычнымі, стылістычнымі.
  2. 2.Камунікатыўная мэтазгоднасць. Недастаткова гаварыць ці пісаць правільна, трэба яшчэ мець уяўленне аб стылістычных градацыях слоў і выразаў, каб умець ужываць іх у адпаведных камунікатыўных сітуацыях.
  3. Дакладнасць выказвання. У гэтым паняцці вылучаюцца два аспекты: дакладнасць у адлюстраванні рэчаіснасці і дакладнасць выказвання думкі ў слове. Першы аспект звязаны з праўдзівасцю маўленчага выказвання (праўда ці хлусня). У другім аспекце магчымыя наступныя недахопы: адсутнасць канкрэтнасці (выказванне тыпу “хтосьці дзе-нідзе ў нас часам...”), змешванне блізкіх па гучанні, але розных па значэнні слоў, якія называюцца паронімамі.
  4. Лагічнасць выкладу. Выказванне павінна адлюстроўваць логіку рэчаіснасці, логіку думкі і характарызавацца логікай маўленчага выказвання. Лагічнасць думкі азначае правільнасць адлюстравання фактаў рэчаіснасці і іх сувязяў (прычына – вынік, адрозненне – падабенства і г. д.), абгрунтаванасць гіпотэзы, наяўнасць аргументаў за і супраць, звядзенне аргументаў да высновы, якая даказвае або аспрэчвае гіпотэзу. Прыкладам парушэння логікі выказвання з’яўляецца вядомая фраза “Ішоў дождж і два студэнты, адзін – ва ўніверсітэт, другі – у галёшах”.

Парушэнне логікі маўленчага выказвання часта выяўляецца таксама ў няправільным чляненні пісьмовага тэксту на абзацы.

  1. Яснасць і даступнасць выкладу. Яснасць выкладу прадугледжвае зразумеласць  маўлення яго адрасату. Яна дасягаецца шляхам дакладнага і адназначнага ўжывання слоў, тэрмінаў, словазлучэнняў, граматычных канструкцый. Прыкладам парушэння яснасці выказвання і праявай двухсэнсоўнасці з’яўляецца, напрыклад,сказ “У іншых працах падобнага роду лічбавыя дадзеныя адсутнічаюць”.
  2. Чысціня маўлення. Чыстым называецца маўленне, у якім няма чужых літаратурнай мове элементаў (слоў і словазлучэнняў). Да такіх элементаў адносяцца словы-паразіты, якія з’яўляюцца ў маўленні пры роздуме, у паўзах (вось, значыць, так бы мовіць), дыялектызмы і прастамоўныя словы, варварызмы (замежныя словы, якія маюць беларускія эквіваленты, – пралангаванне і да т. п.), жарганізмы (лафа, давіць на масу і да т. п.).
  3. Выразнасць маўлення. Пад выразнасцю разумеюць такія асаб-лівасці структуры маўлення, якія падтрымліваюць увагу і цікавасць у слухачоў і чытачоў. Выразнасць бывае інфармацыйнай (калі слухачоў зацікаўлівае інфармацыя) і эмацыйнай (калі слухачоў зацікаўліваюць спосаб выкладу, манера выканання і да т. п.).
  4. Разнастайнасць сродкаў выказвання. Гэта патрабаванне выкон-ваецца, калі ў маўленні выкарыстоўваецца вялікая колькасць сінонімаў, калі ў моўцы вялікі аб’ём і высокая актыўнасць лексічнага запасу.
  5. Эстэтычнасць. Эстэтычнасць маўлення выяўляецца ў непрыманні літаратурнай мовай абразлівых для гонару і годнасці чалавека сродкаў выказвання. Для дасягнення эстэтычнасці выкарыстоўваюцца эўфемізмы – эмацыйна нейтральныя словы, якія ўжываюцца замест слоў і выразаў, якія прадстаўляюцца моўцу непрыстойнымі, грубымі, нетактоўнымі.
  6. Дарэчнасць. Дарэчнасць мае на ўвазе такі падбор і арганізацыю сродкаў мовы, якія робяць маўленне адпаведным мэтам і умовам зносін. Дарэчнасць тых ці іншых моўных сродкаў залежыць ад кантэксту, сітуацыі, псіхалагічных характарыстык асобы суразмоўцы.

Існуе чатыры тыпы маўленчай культуры носьбітаў літаратурнай мовы.

Элітарная – эталонная моўная культура, якая ўключае свабоднае валоданне ўсімі магчымасцямі мовы, творчае іх выкарыстанне. Ёй уласціва строгае захаванне ўсіх нормаў, безумоўная забарона грубых выразаў.

Сярэднелітаратурная характарызуецца няпоўным захаваннем нормаў, празмерным насычэннем маўлення кніжнымі альбо гутарковымі словамі. Пранікненне яе ў некаторыя сучасныя сродкі масавай інфармацыі, мастацкія творы спрыяе шырокаму распаўсюджванню.

Літаратурна-гутарковы і фамільярна-гутарковы тып аб’ядноўвае тых камунікантаў, якія валодаюць толькі гутарковым стылем. Фамільярна-гутарковы адрозніваецца агульнай стылістычнай зніжанасцю і агрубленасцю маўлення, што збліжае яго з прастамоўем. Выкарыстоўваецца “ты-зварот” незалежна ад узросту суразмоўцы і ступені знаёмства з ім [33, с. 55].